ТЭ́СЛА ТРАНСФАРМА́ТАР,

электрычная трансфарматарная прылада для атрымання высакавольтных ваганняў высокай частаты. Складаецца з высокачастотнага трансфарматара (без ферамагн. асяродка), разрадніка і эл. кандэнсатара. Вынайдзены М.Тэсла (1891) як крыніца ваганняў для радыёстанцый.

Першасная абмотка Т.т. мае некалькі віткоў тоўстага дроту, якую далучаюць да крыніцы сілкавання пераменнага току праз разраднік і кандэнсатар. Другасная абмотка, размешчаная ўнутры першаснай ці побач з ёй, мае вял. колькасць віткоў тонкага дроту. Пры выкананні ўмоў рэзанансу ў Т.т. ўзнікаюць ваганні з частатой да 150 кГц пры напружанні да 7 МВ. Выкарыстоўваецца ў дэманстрацыйных мэтах.

т. 16, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)